Прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, пісьменнікі нашай краіны і замежжа, а таксама прадстаўнікі дыяспар амаль з дваццаці краін свету завіталі ў Рагачоў, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях Дня беларускага пісьменства.
[caption id="attachment_76519" align="alignleft" width="800"]
Родная мова і літаратура – духоўны падмурак нацыі. Фота Раісы БАРАВОЙ.[/caption]
Упершыню кожны з гасцей дарыў сталіцы святкавання часцінку свайго духоўнага скарбу – любімую кнігу. Палічка, адмыслова зробленая для свята, пачала папаўняцца падчас урачыстага адкрыцця, якое адбылося на цэнтральнай плошчы Рагачова.
Каб задаць старт своеасаблівым “літаратурным дажынкам” нашай краіны ў 2016 годзе, на галоўную сцэну выйшлі намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, старшыня Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства Наталля Качанава, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, старшыня Рагачоўскага райвыканкама Сяргей Дзенісенка, епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.
Прывітаўшы прысутных, Наталля Качанава выказала словы шчырай падзякі арганізатарам, удзельнікам, усім, хто займаўся падрыхтоўкай святкаванняў, і зачытала прывітальны адрас ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
У ім падкрэслена, што ў Год культуры правядзенне такога мерапрыемства набывае асаблівае значэнне. Увага грамадства засяроджана на неабходнасці беражлівага захоўвання лепшых духоўных здабыткаў, якія дайшлі да нас праз стагоддзі, і ўзбагачэнні нацыянальнай скарбніцы дасягненнямі нашых таленавітых сучаснікаў. Гістарычная памяць і гонар за Радзіму з’яўляюцца трывалым падмуркам для краіны. Упэўнены, што багатая праграма свята паслужыць плённаму развіццю беларускага слова і пашырыць рады яго прыхільнікаў. Кіраўнік дзяржавы пажадаў удзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьменства творчага натхнення, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах.
На нізцы канцэрта-адкрыцця былі прадстаўлены яркія музычныя нумары знакамітых беларускіх артыстаў. Апладысментамі гледачы сустракалі “Чысты голас”, “Песняроў”, Анатоля Ярмоленку, танцавальны праект “Крок” і іншых выдатных выканаўцаў. Акрамя таго, выступілі таленавітыя артысты Гомельшчыны. Падтрымала святочны настрой і самабытнае выступленне сясцёр Швед са Стоўпні.
Наталля ПЯТРУШЧАВА.
2 верасня
Свята пачалося з анімацыі
Што з’явілася раней: кіно ці мультфільм? Чым анімацыя адрозніваецца ад мультыплікацыі? З чаго можна рабіць кінакарціны для дзяцей? Гэтыя пытанні рагачоўскія школьнікі весела абмяркоўвалі з таленавітым айчынным рэжысёрам-мультыпліката-рам студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільм” Аляксандрам Ленкіным, які наведаў наш горад у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства.
[caption id="attachment_76522" align="alignleft" width="800"]
Рагачоўскія рабяты былі ў захапленні ад убачанага і пачутага. Фото Раісы БАРАВОЙ.[/caption]
- Мы вырашылi, што кіно павінна быць у праграме гэтага свята, - звярнуўся да дзяцей Аляксандр Адольфавіч. - Чаму? Таму што беларускае слова, наша паэзія і літаратура - гэта крыніца натхнення для айчынных і замежных кінематаграфістаў.
Увазе дастаткова шматлікай аудыторыі аніматар пранаваў зборнік мультфільмаў пра Несцерку - знакамітага героя беларускіх казак, які, трэба адзначыць, пакінуў у светлых душах маленькіх гледачоў прыемны эмацыянальны след. Наогул, у зале была цікавая і жывая зваротная сувязь: Аляксандр Ленкін вельмі лёгка і ўмела ўступаў у дыялог з вучнямі. А яны наперабой прасілі аўтограф на памяць.
Дзяцей і беларускага муль-тыплікатара віталі таксама генеральны дырэктар КУП «Гомелькінавідэапракат» Аляк-сандр Лаўрыненка і дырэктар «Рагачоўкінавідэасеткі» Алена Мельнікава, якая падаравала шаноўнаму госцю прыгожы нататнік з лагатыпам нашага горада і запрасіла да новых сустрэч. З дэбютнымі анімацыйнымі фільмамі, ідэі якіх Аляксандр Ленкін будзе запісваць менавіта у свой новы сувенірны блакнот.
Дарэчы, на працягу святочных мерапрыемстваў у розных гарадах вобласці праходзілі паказы фільмаў, зробленых па апавяданнях беларускіх класікаў, і кінакарцін, якія распавядаюць аб жыцці нашых паэтаў і празаікаў.
Алена УДАРЦАВА.
3 верасня
На зямлі Макаёнка
Цікавым і змястоўным было міжнароднае літаратурнае свята “На зямлі Макаёнка” ў аграгарадку Журавічы. Яно прысвечана 95-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка і прайшло ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства і дзясятага фестывалю “Славянскія літаратурныя дажынкі-2016” з удзелам беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Пасля ўрачыстага мітынгу, прысвечанага памяці выдатнага драматурга, былі ўскладзены кветкі да бюста Андрэя Ягоравіча Макаёнка, у мясцовай школе прайшла экскурсія па музею знакамітага земляка, а таксама ў школьным краязнаўчым музеі. Адбылася і прэзентацыя кніг, выдадзеных Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі: “Паслядоўнікі Макаёнка. Айчына ў сэрцы і думках”, “Атожылкі славянскага камля” і серыі кніг “Гомельскі літаратар”. У актавай зале школы перад прысутнымі – вучнямі, настаўнікамі, працаўнікамі адкрытага акцыянернага таварыства “АграЖуравічы”, іншымі жыхарамі аграгарадка са сваімі творамі выступілі старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, які арганізаваў і вёў літаратурнае свята, нашы землякі – пісьменнікі Васіль Ткачоў, Міхась Сліва, Валянціна Кадзетава, а таксама паэты, празаікі, драматургі Гомельшчыны, Расіі і Украіны. Усе яны падарылі школьнай бібліятэцы свае кнігі і выказалі вялікую ўдзячнасць дырэктару Журавіцкай сярэдняй школы Людміле Баруценка за выдатна арганізаваную сустрэчу.
Міхась КАВАЛЁЎ.
Фота
Васіля РАГОЖНІКАВА.
Рагачоўская школа мастацтваў набыла сваё імя
Прысваенне Рагачоўскай дзіцячай школе мастацтваў імя нашага знакамітага земляка Анатоля Каплана і III Міжнародныя Капланаўскія чытанні сталі адной з першых старонак у летапісе яркіх і незабыўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства.
[caption id="attachment_76151" align="alignleft" width="800"]
Выстаўка работ удзельнікаў плэнэру «Рагачоўскія плёсы», прысвечаная творчасці Анатоля Каплана. Ісаак Кушнір разам з аўтарам карціны, маладой рагачоўскай дараванасцю Міраславай Шумілавай, - на партрэце і ў жыцці.[/caption]

Суботняй вераснёўскай раніцай планета творчасці юных рагачоўцаў пачала пісаць сваю гісторыю з новага ліста - пад дыктоўку свайго натхніцеля, нашага выдатнага мастака з сусветным імем Анатоля Львовіча Каплана.
Права адкрыць мемарыяльную дошку ў гонар вядомага літографа XX стагоддзя былі ўдастоены невыпадковыя людзі, стараннямі якіх стала магчымай гэта знакавая для роднага краю падзея: начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Міхаіл Зайцаў, дырэктар Рагачоўскай дзіцячай школы мастацтваў Алег Чаплыгін, прыхільнік творчасці нашага вядомага земляка, калекцыянер з Санкт-Пецярбурга Ісаак Кушнір і пляменнік Анатоля Каплана - Віктар Аляксандраў.
Ісаак Львовіч парадаваўся, што наш знакаміты мастак, карціны якога захоўваюцца ў буйнейшых музеях свету, знайшоў-такі дарогу на сваю радзіму.
- Я адкрыў для сябе Анатоля Каплана ў 70-х гадах мінулага стагоддзя і стаў яго прыхільнікам на ўсё жыццё, - адзначае калекцыянер. - І сёння мая важнейшая задача - упісаць яго імя ў гісторыю роднага горада - пачала ўвасабляцца ў жыццё. Вельмі важна, каб пра мастака, які пранёс любоў да сваёй малой радзімы праз усю творчасць, памяталі і ведалі яго землякі. Бо Рагачоў для Каплана быў як Віцебск для Марка Шагала, і калі б Анатоль Львовіч не з’ехаў за мяжу, то абавязкова б набыў такую ж сусветную славу, як і яго суайчыннік.
Дарэчы, Ісаак Кушнір падараваў нашаму гораду восем карцін Анатоля Каплана з асабістай калекцыі, а таксама некалькі кніг пра вялікага мастака з рэпрадукцыямі яго работ.
Пасля ўрачыстай цырымоніі імя нашага знакамітага земляка працягвала гучаць на III Міжнародных Капланаўскіх чытаннях. Госці з Санкт-Пецярбурга, сярод якіх - прадстаўнікі Рускага музея, Эрмітажа, Траццякоўскай га-лерэі, Усерасійскага музея выяўленчага мастацтва імя Пушкіна, Яўрэйскага абшчыннага цэнтра, узгадалі ў сваіх выступленнях жыццёвы і творчы шлях выдатнага ўраджэнца Рагачова, адкрылі яго з невядомага боку і нават далі некалькі парад юным рагачоўскім талентам.
- Каб ператварыць белы ліст у свет, якога няма, неабходна валодаць асаблівым паэтычным успрыманнем наваколля. А гэтага немагчыма дасягнуць, калі не мець перад вачыма вялікіх узораў і глыбокіх ведаў: не бачыць, што рабіў вялікі Леанарда да Вінчы альбо Мікеланджэла, не ведаць, што мастацтва - гэта не характар выявы, а выказванне сродкамі мастацтва, - лічыць старшы навуковы супрацоўнік Эрмітажа Эра Корабава. - Памятайце, што не чалавек павінен служыць мастацтву, а мастацтва - чалавеку. Бо толькі мастацтва валодае бяссмерцем.
Вікторыя РАГОЖНІКАВА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.
Пісьменнікі паклапаціліся пра рагачоўскіх школьнікаў
[caption id="attachment_76525" align="alignleft" width="800"]
Галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП (справа) і дырэктар Алесь БАДАК перад уручэннем падарункаў.[/caption]
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” на свяце ў Рагачове заклала падмурак новай добрай традыцыі: уручэнне школам горада і раёна своеасаблівых падарункаў – бібліятэчак. Іх склалі кнігі класікаў беларускай літаратуры, а таксама творы сучасных пісьменнікаў, якія вывучаюцца ў школе і патрэбныя для пазакласнага чытання.
Як адзначыў галоўны рэдактар выдавецтва, вядомы паэт Віктар Шніп, такія падарункі стануць традыцыйнымі. І ў далейшым тым раё-нам, дзе будуць праходзіць святкаванні Дня пісьменства, таксама пашанцуе. Віктар Анатольевіч ад імя ўсяго свайго калектыву выказаў вялікую падзяку кіраўніцтву Рагачоўскага МКК, які выступіў спонсарам гэтай выдатнай акцыі.
Міхась КАВАЛЁЎ.
Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.
Новы аўтобус для падвозу дзяцей
[caption id="attachment_76526" align="alignleft" width="800"]
Фота Раісы БАРАВОЙ.[/caption]
У межах сацыяльнай праграмы “Школьны аўтобус” Банк развіцця падарыў Рагачоўскаму цэнтру карэкцыйна-развіваючай адукацыі і рэабілітацыі новы камфартабельны, спецыяльна абсталяваны аўтобус для падвозу дзяцей.
Ключы ад новага аўтамабіля ў год святкавання 20-годдзя цэнтру ўрачыста уручыў старшыня праўлення Банка развіцця Васіль Швед.
Наталля ПЯТРУШЧАВА.
«Рагачоўскія чытанні»
Пад такой назвай напярэдадні свята пісьменства ў гарадскім Доме культуры прайшла навукова-практычная канферэнцыя, якая пачалася з цудоўнага адкрыцця каларытная выстаўкі “Песня - каштоўны дар”, прысвечанай 75-годдзю Уладзіміра Мулявіна.
[caption id="attachment_76527" align="alignleft" width="800"]
На канференцыі гучалі цікавыя, змястоўныя даклады. Фота аўтара.[/caption]
Пасля ласкаючых слых гукаў беларускіх народных музычных інструментаў, навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў і настаўнікі з усіх школ раёна распачалі цікавую, насычаную па тэматыцы выступленняў канферэнцыю. Мова як сімвал дзяржаўнасці, фальклорна-этнаграфічная спадчына Рагачоўшчыны, старажытныя пахавальныя абрады нашага Падняпроўя – гэта няпоўны спіс пазнавальных дакладаў навукоўцаў з розных куткоў Беларусі.
- На свята трэба ехаць з нейкім падарункам, - адзначыў намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Сукала. – Па-першае, у дар гораду Рагачову прыносім бібліятэчку. А аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў мае гонар ўзнагародзіць Граматай старшыню раённага выканаўчага камітэта Сяргея Дзенісенку за плённую працу і значны ўклад у літаратурнае жыццё Рагачоўскага краю.
Таксама была аб’яўлена падзяка дырэктару раённай бібліятэкі Таццяне Голубевай і краязнаўцы Соф’і Кусянковай з Лучына.
[caption id="attachment_76528" align="alignleft" width="800"]
Выстаўка асабістых рэчаў У.Мулявіна ў ГДК. Фота Раісы БАРАВОЙ.[/caption]
Алена УДАРЦАВА.
Фота аўтара.
Жывая класіка
Пяты рэспубліканскі творчы конкурс пад такой назвай адбыўся ў павільёне “Слова пісьменніка” ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства.
[caption id="attachment_76531" align="alignleft" width="800"]
Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ і пісьменнік Уладзімір ЛІПСКІ з пераможцамі конкурсу.[/caption]
Больш за дваццаць таленавітых рабят з розных куточкаў Гомельшчыны па-майстэрску, з пачуццём, выразна чыталі вершы знакамітых беларускіх аўтараў. І класіка нібы сапраўды стала жывой.
– Мы, беларусы, здалі ў музей лапці, кажухі, ступы, гладышы, маслабойкі… Надыдзе час і мы здадзім у музей сённяшнюю тэхніку: камп’ютары, тэлефоны, аўтамабілі… Так будзе! Але аднаго мы не здадзім у музей ніколі – нашу дабрыню, працавітасць, мудрасць, адданасць роднай зямлі і веру ў сваіх дзяцей, якія сёння яшчэ раз гэта даказалі! – падкрэсліў у звароце да прысутных выдатны беларускі дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі.
[caption id="attachment_76532" align="alignleft" width="765"]
Дзесяцікласнік Побалаўскай сярэдняй школы Ягор МЕЛЬНІКАЎ паказаў сваё майстэрства ў конкурсе “Жывая класіка”.[/caption]
Удзельнікі конкурсу атрымалі Дыпломы за подпісам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыні нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства Наталлі Качанавай, а таксама падарункі ад выдавецкага дома “Звязда” і часопіса “Вясёлка”. Прызы асабістых сімпатый некалькім юным чытачам прэзентаваў Уладзімір Ліпскі.
– Дзякуй, Рагачоў! Дзякуй, Гомельшчына, за такі цудоўны подых беларускага слова! – выказала словы шчырай удзячнасці міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч.
Дарэчы, мерапрыемства адбылося ў гонар нашага асветніка-першапраходца Францыска Скарыны, дзякуючы якому была надрукавана першая беларуская кніга а ў наступным годзе мы будзем адзначаць 500-годдзе гэтай падзеі.
Наталля ПЯТРУШЧАВА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.
4 верасня
Сад Малітвы і алея пісьменнікаў з’явіліся ў Рагачове
У Дзень беларускага пісьменства ў нашым горадзе завяршылася рэспубліканская навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, якая пачалася 31 жніўня. Шлях экспедыцыі закрануў дванаццаць населеных пунктаў нашай краіны.
[caption id="attachment_76534" align="alignleft" width="800"]
Хрэсны ход у Рагачове. Фота аўтара.[/caption]
Знакавая для горада пасадка Сада Малітвы (паміж басейнам і абноўленым стадыёнам) адбылася з удзелам групы энтузіястаў, епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна, Праасвяшчэннейшага Стэфана, епіскапа Гомельскага і Жлобінскага, настаяцеля храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага протаіерэя Аляксея Сматрыцкага, свяшчэннаслужыцеляў прыхода і праваслаўных веруючых. Потым прайшоў Хрэсны ход да рагачоўскай царквы, дзе дарагіх гасцей сустрэлі з хлебам-соллю, кветкамі і натхнёным настроем.
Пасля ўрачыстай Божай літургіі ўсе накіраваліся на плошчу, каб з чыстай душой на свае вочы ўбачыць адкрыццё вялікага свята пісьменства, бо царква трывала і непарыўна звязана з ім: варта ўспомніць толькі такія знакамітыя імёны, як Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі…

Дарэчы, за дваццаць два гады ў экспедыцыях, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства, удзельнічалі больш за 350 чалавек, Благадатным агнём асвечаны 602 храмы, капліцы і манастыры, а ў Сад Малітвы Святой Белай Русі высаджана каля 2500 самых розных дрэўцаў: яблынек і дубкоў, арабінак і бярозак, клёнікаў і ліпак, каштанаў і вязаў, туй і лістоўніц.
Маладымі дрэўцамі ўпрыгожылі Рагачоў і таленавітыя паэты і празаікі з усіх куткоў нашай краіны, а таксама з-за мяжы. Каля Сада Малітвы з’явілася яшчэ адна алея, прысвечаная 10-годдзю стварэння творчай арганізацыі – Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Увагу шматлікіх гасцей свята пісьменства прыцягнула да сябе выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Народная асвета”. Вядучым насычанай праграмы быў беларускі акцёр, шоумэн і выканаўца песень на вершы айчынных паэтаў Сяргей Кравец. На мерапрыемстве акрамя выдатных выступленняў знакамітых паэтаў-землякоў Міколы Чарняўскага і Міхася Пазнякова, таленавітых празаікаў, у тым ліку нашага Міхася Слівы, можна было прагледзець прэзентацыю выданняў, зрабіць аўтограф-сесіі, вывучыць песню і атрымаць цудоўныя прызы за ўдзел у конкурсах і віктарынах.
[caption id="attachment_76536" align="alignleft" width="800"]
Пісьменнікі закладваюць алею ў гонар юбілею СПБ. Фота Раісы БАРАВОЙ.[/caption]
Алена УДАРЦАВА.
Уручэнне II Нацыянальнай літаратурнай прэміі
У нашай краіне кожны год выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг, 33 мільёны экзэмпляраў друкуецца для бібліятэк і кнігарняў. Цікавая кніга не страчвае актуальнасці і не перастае прыцягваць увагу беларусаў.
[caption id="attachment_76538" align="alignleft" width="800"]
Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ уручае прэмію ў намінацыі “Проза” пісьменніку Алесю МАРЦІНОВІЧУ.[/caption]
На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы свята беларускага пісьменства II Нацыянальную літаратурную прэмію ўручылі аўтарам лепшых кніг 2015 года ў розных намінацыях.
Так, за лепшы твор прозы ўзнагароду атрымаў Алесь Марціновіч – за зборнік гістарычных апавяданняў “Цяпло колішніх вогнішчаў”. У намінацыі “Лепшыя творы паэзіі” адзначана кніга Мар’яна Дуксы “Птушка вечнасці – душа”. Лепшыя творы для дзяцей і юнацтва – кнігі Сяргея Давідовіча “Дзедава жалейка”, “Баявая нічыя”, “Залаты Буліт”. У драматургіі лепшымі творамі прызнаны п’есы, створаныя ў 2015 годзе Ягорам Коневым, у прыватнасці твор “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы”. Лепшы твор публіцыстыкі - «Рэха вялікай вайны ва Усходняй Беларусі (1914 — 1918)» Мікалая Барысенкі. У галіне літаратурнай крытыкі прэмію атрымала Таццяна Мацюхіна за выданне “Беларускі імпрэсіянізм”. У намінацыі “Лепшы дэбют” пераможцай прызнаны Сяргей Клімовіч за дэбют у жанры дзіцячай літаратуры – кнігу “Тайна кватэры №8” у чатырох тамах.
– Вельмі прыемна, што ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага кнізе, – выступіў ад імя ўсіх лаўрэатаў Сяргей Давідовіч. – Гэта акрыляе літаратараў і пашырае і без таго вялікую аўдыторыю чытачоў. Дужа цешыць тое, што асаблівай увагай атулена дзіцячая кніга, як надзейны сябар, далікатны выхавацель. Сёння мы падводзім вынікі на ніве літаратуры, збіраем свой духоўны хлеб. Гэта яшчэ раз сцвярджае тое, што Беларусь жыве не хлебам адзіным. Я асабіста і ўсе ўзнагароджаныя вельмі ўсхваляваныя і ўдзячныя за высокую ацэнку нашай творчасці. Не магу не падзякаваць жыхарам Рагачова за іх гасціннасць і шчырасць. Са святам вас, дарагія людзі!
У межах святочных урачыстасцяў творцы Гомельшчыны былі ўганараваны літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага. Узнагароды атрымалі і пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Залатое пяро «Белай Русі» – 2016”.
Нашаму славутаму земляку, вядомаму драматургу, празаіку і публіцысту Васілю Ткачову прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна”.
Наталля ПЯТРУШЧАВА.
Фота Раісы БОРОВОЙ.
Першы ў Гомельскай вобласці “Дом кнігі”…
[caption id="attachment_76540" align="alignleft" width="800"]
Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля КАЧАНАВА (справа налева), старшыня Гомельскага аблвыканкома Уладзімір ДВОРНІК і старшыня Рагачоўскага райвыканкама Сяргей ДЗЕНІСЕНКА ў час адкрыцця Дома кнігі.[/caption]
…ўрачыста адчыніў свае дзверы для жыхароў і гасцей горада адразу пасля адкрыцця доўгачаканага Дня беларускага пісьменства. Гэты цудоўны комплекс – кнігарня “Першацвет”, бібліятэка з чытальнай залай – ужо дзейнічаў у тэставым рэжыме і атрымаў шэраг станоўчых водгукаў і прыемных, падзячных слоў у свой адрас. Рагачоўцы, уражаныя абноўленым выглядам некалі земскай управы, адразу станоўча ацанілі падарунак, які ініцыявала Міністэрства інфармацыі. Гэта меркаванне падтрымалі і шаноўныя госці, якія прысутнічалі на цырымоніі адкрыцця. Перш за ўсё намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, міністр інфармацыі Лілія Ананіч і міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік і старшыня Рагачоўскага райвыканкама Сяргей Дзенісенка.
[caption id="attachment_76541" align="alignleft" width="800"]
Выступае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ.[/caption]
Радасць падзеі з прысутнымі раздзялілі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі і старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Чаргінец, які выказаў падзяку кіраўніцтву за магчымасць працягваць у новым Доме літаратурныя традыцыі Рагачоўшчыны. Мікалай Іванавіч заклікаў усіх прысутных як мага больш чытаць і падараваў Таццяне Голубавай, дырэктару цэнтральнай раённай бібліятэкі, якой прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча, дыплом, сімвалічныя зборнікі айчынных тытанаў - Янкі Купалы і Якуба Коласа (а ўсяго было перададзена некалькі дзясяткаў кніг) і памятны медаль.
Раман Матульскі ў сваю чаргу прынёс у дар бібліятэцы шыкоўныя выданні беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны.
Шматфункцыянальны комплекс паспеў ужо стаць культурным цэнтрам нашага краю. Будзем спадзявацца, што гэты святочны энтузіязм не пагасне, а будзе доўга абуджаць духоўны свет землякоў.
Алена УДАРЦАВА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.
Высокая ўзнагарода рэдакцыі газеты «Свабоднае слова»
У рамках святкавання Дня беларускага пісьменства ўручалася вялікая колькасць заслужанных узнагарод цэлай плеядзе пісьменнікаў Беларусі. І не толькі.
Прыемна ад-значыць, што высокай узнагароды на такім буйнамаштабным мерапрыемстве ўдастоены калектыў установы «Рэдакцыя газеты «Свабоднае слова»: ўручана Падзяка міністра інфармацыі Рэс-публікі Беларусь Ліліі Ананіч за добрасумленную плённую працу па інфармаванню насельніцтва, усебаковае і аб’ектыўнае асвятленне эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця рэгіёна.
А супрацоўніку рэдакцыі нашей газеты Міхасю Кавалёву (літаратур-ны псеўданім Міхась Сліва) уручаны нагрудны знак Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.
У рамках ушанавання за актыўную і добрасумленную працу, мэтанакіраваную дзейнасць па ахове працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза і ў сувязі са святам – Днём беларускага пісьменства Ганаровымі граматамі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ўзнагароджаны намеснік галоўнага рэдактара газеты “Свабоднае слова”, член Беларускага саюза журналістаў Жанна Шэбашава і старшыня прафсаюзнага камітэта рэдакцыі, член Беларускага саюза журналістаў Васіль Рагожнікаў.
НАШ КАР.
У Дзень беларускага пісьменства працаваў «Газетны бульвар»
Па традыцыі ў свяце пісьменства прымаюць актыўны удзел і сродкі масавай інфармацыі, прычым не толькі для асвятлення на старонках сваіх перыядычных выданняў ўрачыстых мерапрыемстваў, але і самі арганізоўваюць цікавую выстаўку.
[caption id="attachment_76545" align="alignleft" width="800"]
Супрацоўнікі «Свабоднага слова» на свяце.[/caption]
«Газетны бульвар» працаваў пад велізарным шатром побач з Алей памяці ў парку Піянераў. Журналісты з усёй Гомельшчыны прадставілі экспазіцыі, у якіх адлюстроўвалася гісторыя развіцця іх выданняў. На выстаўцы дэманстраваліся прылады палі-графічнай вытворчасці далёкага мінулага: друкаваныя машынкі, плёнкавыя фотаапараты, дру-карскія шрыфты, матрыцы, клішэ, якія выкарыстоўваліся для набору тэкстаў, дарэвалюцыйныя і ваенныя трафеі, прадметы журналістыкі ваенных гадоў, архіўныя дакументы і многае іншае.
Варта адзначыць, што журналісцкая брація папра-цавала на славу і прыцягвала ўвагу шматлікіх наведвальнікаў. На працягу многіх гадзін рагачоўцы і госці горада ішлі па “Газетнаму бульвару” бясконцым патокам. Падтрымаць журналістаў прыехалі і творчыя калектывы з розных рэгіёнаў Гомельшчыны. На выстаўцы можна было паслухаць патэфон, зрабіць фота на памяць, выпіць гарбаты з самавара 1870 года выпуску. Ну і, вядома ж, ніхто з наведвальнікаў не пакідаў яе з пустымі рукамі: журналісты раздавалі сувеніры з лагатыпамі сваіх выданняў, святочныя нумары газет.
Унікальную марку пагасілі і ў Рагачове
4 верасня 2016 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальная паштовай маркай “Дзень беларускага пісьменства”.
[caption id="attachment_76546" align="alignleft" width="800"]
Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля КАЧАНАВА і старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК у час гашэння памятнай паштовай маркі.[/caption]
Урачыстае гашэнне маркі спецыяльным штэмпелем адбылося на жывапісным беразе Дняпра з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай і старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка. Іх подпісы на першых канвертах назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю беларускай філатэліі.
Падчас цырымоніі супрацоўнікі раённага вузла паштовай сувязі нагадалі, што першая марка, прысвечаная правядзенню Дня беларускага пісьменства і друку, была выпушчана ў 1995 годзе, і ў храналагічным парадку лаканічна распавялі пра яе далейшае ўдасканальванне.
Нечаканай, але прыемнай рознакаляровай кропкай знакавай для нашага горада і раёна падзеі стаў невялікі салют над хвалямі ракі.
Дарэчы, злева на канверце, які можна было прыдбаць на паштовай выстаўцы каля гарадскога Дома культуры ўсяго за сорак тры капейкі (яшчэ і атрымаць паштоўку ў падарунак), размешчана ілюстрацыя “XXIII Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове” з летапісцам, гербам нашага горада і эмблемай свята. Справа - марка “Земская ўправа 1914-1916 гг.” (сучасны Дом кнігі).
Тыраж канверта склаў трыццаць тысяч экзэмпляраў. Намінал маркі “А” адпавядае тарыфу на перасылку ў межах Беларусі простага ліста да 20 грамаў уключна.
Алена УДАРЦАВА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.
Спатканне з “Песняром”
Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч і Уладзімір Мулявін. Адначасова пабачыцца з усімі гэтымі знакамітасцямі пашчасціла рагачоўцам дзякуючы трупе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, якая ў межах Дня беларускага пісьменства прадставіла на сцэне гарадского Дома культуры спектакль “Пясняр”.
[caption id="attachment_76548" align="alignleft" width="800"]
Сцэна са спектакля “Пясняр”.[/caption]
Пастаноўка Валянціны Ераньковай па аднаіменнай п’есе Васіля Дранько-Майсюка прысвечана выдатнаму дзеячу беларускай культуры, народнаму артысту СССР і БССР Уладзіміру Мулявіну. У студзені з дня нараджэння гэтага неардынарнага, таленавітага чалавека, які прысвяціў сваё жыццё служэнню нашай культуры, захаванню мілагучнай беларускай мовы і нацыянальных традыцый, споўнілася 75 год. У фае гарадскога Дома культуры з гэтай нагоды была размешчана цікавая выстаўка асабістых рэчаў, сцэнічных касцюмаў Уладзіміра Мулявіна.
Сапраўднае ж спатканне з песняром адбылося падчас спектаклю. Па меры разгортвання падзей на сцэне гледачоў захапляла магічнае адчуванне прысутнасці ў зале саміх Коласа, Купалы, Багдановіча, Цёткі і, у прыватнасці, любімага спевака – Мулявіна. Мюзікл, у якім гучалі кампазіцыі легендарнага ансамбля “Песняры”, прымусіў сэрцы біцца хутчэй, выклікаў пачуццё гонару за сваю краіну і шчырае захап-ленне роднай мовай і паэзіяй. Пік эмоцый прыйшоўся на заключную сцэну, калі на экране сам Уладзімір Мулявін заспяваў “Малітву”, нібы асабіста завітаў да гледачоў, адарыўшы прысутных сваім цяплом, харызмай і станоўчай энергетыкай.
Вялікі дзякуй выдатным акцёрам за неверагоднае спатканне!
Наталля ПЯТРУШЧАВА.
Фота аўтара.
Заключная старонка летапісу Дня пісьменства ў Рагачове
Урачыстая цырымонія закрыцця нацыянальнага свята культуры і друкаванага слова паставіла гучную кропку ў вялікаў праграме святочных мерапрыемстваў.
[caption id="attachment_76550" align="alignleft" width="800"]
Заключныя акорды цудоўнага свята.[/caption]
- Сёння Рагачоў сцвердзіў усяму свету, што беларускае жыццядайнае слова праз вякі скіравана ў будучыню, - з гонарам сказала ў сваім выступленні міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. - У гэтыя дні на пляцоўках свята адбылося больш за 70 мерапрыемстваў. Гасцямі Рагачоўшчыны былі шматлікія госці з замежных краін, пісьменнікі, выдаўцы, прадстаўнікі дыпламатычных місій, беларускай дыяспары больш чым з 20 краін свету. Усе разам мы наталіліся глыбінёй нашых моцных гістарычных каранёў. Вельмі ўсцешна, што гучалі галасы беларускіх пісьменнікаў, што навукоўцы згадалі пра гісторыю гэтага слыннага краю, што людзі так прыгожа адзначылі гэтае дзяржаўнае свята! Вельмі важна, каб агеньчык святла, які, я ў гэтым упэунена, загарэўся ў кожнага ўдзельніка Дня пісьменства, стаў той пуцяводнай зоркай, якая будзе расціць новае пакаленне беларусаў.
Напрыканцы свайго выступлення Лілія Станіславаўна ад імя Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта выказала шчырую падзяку Рагачоўскаму райвыканкаму і ўсім тым, хто нястомнай працай набліжаў гэты святочны дзень.
Эстафета Дня беларускага пісьменст-ва з лёгкай рукі кіраўніка нашага раё-на Сяргея Дзенісенкі перайшла ў старажытны Полацк - дарэчы, першую сталіцу свята. Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук паабяцаў належным чынам працягнуць добрую традыцыю святкавання гэтай знакавай для нашых суайчыннікаў культурнай падзеі. Да таго ж і нагода абавязвае: у наступным годзе будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
Незабыўнай старонкай Дня пісьменства стаў канцэрт дзяржаўнага ансамбля «Песняры». Падпяваючы артыстам знакамітую купалаўскую «Ад прадзедаў спакон вякоў...», госці з пашанай успаміналі заснавальніка калектыву Уладзіміра Мулявіна - зберагацеля народнай літаратурнай спадчыны, які ў гэтым годзе адзначыў бы свой 75-ты дзень народзінаў.
Прыгожы салют у небе над сталіцай нацыянальнага свята выклікаў у яго ўдзельнікаў дваякія пачуцці: і захапленне, і радасць, і нават смутак. Смутак ад таго, што ў рагачоўскім летапісе Дня беларускага пісьменства пастаўлена такая яркая і гучная, але кропка.

Вікторыя РАГОЖНІКАВА.
Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.